Прафарыентацыйная экскурсія ў УА “Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е.Лабанка”

27.02.2021

Суботняй раніцай 27 лютага, роўна а 10-ай гадзіне, к школе пад’ехаў вялікі прыгожы аўтобус і вучні старшых класаў адправіліся ў паездку з мэтай прафарыентацыі. Шлях ляжаў у суседні раён, ва УА “Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е.Лабанка”. Пра гэту ўстанову многа чулі, ведалі, што многія выпускнікі школы і калгасныя спецыялісты яе закончылі, але пабываць асабіста яшчэ не даводзілася.

У ходзе экскурсіі школьнікі не толькі даведаліся, што ў аграрна-тэхнічным каледжы можна стаць дыпламаваным механікам, электрыкам, аграномам, атрымаць вадзіцельскае пасведчанне па катэгорыі “А”, “В”, “D”, але і развівацца асабіста і рознабакова. Каледж дае магчымасць бясплатна навучыцца іграць на гітары і баяне, наведваць танцавальны і вакальны гурток, займацца тайскім боксам і гіравым спортам, валейболам і турызмам. Вучні з захапленнем апладзіравалі музыкантам, танцорам і вакалістам падчас невялічкага канцэрта, падрыхтаванага для гасцей навучэнцамі і выкладчыкамі каледжа. З зайздрасцю мы ацанілі спартыўныя залы і колькасць спартыўных узнагарод.

Экскурсія атрымалася працяглай па часе, але ніхто не засумаваў, наадварот, усё прайшло на адным дыханні, засталіся прыемныя ўспаміны.